СЛА́ЎГАРАДСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Засн. ў канцы 18 ст. ў сутоку рэк Сож і Проня. Парк пейзажнага тыпу. Абмяжоўваўся лясным масівам; прарэзаны 3 ярамі, паўд. быў мяжой пладовага саду, што прымыкаў да парку. Асн. паркавыя кампазіцыі размяшчаліся абапал сярэдняга вял. яра, на дне якога плацінамі была створана сістэма вадаёмаў са штучнымі каскадамі. Па берагах і плацінах былі дарожкі, раслі групы дрэў і кустоў.

Кампазіцыю парку складалі газон, кветнікі, грот, скульптура, тэхн. збудаванні. У паўн. частцы было гарадзішча, пазней замак, на месцы якога пастаўлены палац (не захаваўся). У парку пераважаюць мясц. лісцевыя пароды дрэў, з экзотаў растуць ясень пенсільванскі (форма аўкубалістая), ясень звычайны (форма драбналістая). С.п. моцна пашкоджаны.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 14, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)